ЗША ўнеслі ў санкцыйны спіс Беларусі 10 чалавек і 12 юрыдычных асобаў
- 15.04.2024, 21:24
(Абноўлена) Іх актывы замарозяць.
Міністэрства фінансаў Злучаных Штатаў унесла ў санкцыйны спіс Беларусі 10 фізічных і 12 юрыдычных асобаў. Як паведамляе «Люстэрка», пра гэта гаворыцца ў прэс-рэлізе на сайце ўстановы.
Пад абмежаванні патрапілі грамадзяне Беларусі, Лівана, Сірыі, Славакіі і Швэцыі. Акрамя таго, санкцыі закранулі арганізацыі з Кіпра, Беларусі, Ірака, Кітая, Славакіі і Турцыі.
У лік фізічных і юрыдычных асобаў, якія былі ўключаныя ў санкцыйны спіс, увайшлі шэсць беларускіх дзяржпрадпрыемстваў, а таксама адна юрыдычная і пяць фізічных асобаў, якія «ўдзельнічаюць у спрыянні ўгодам для буйнога прадпрыемства абароннага сектару Беларусі, унесенага ў [санкцыйны] спіс ЗША».
Пад рэстрыкцыі трапілі таксама пяць арганізацый і пяць фізічных асобаў, якія «ўдзельнічаюць у глабальнай зброевай сетцы і вядуць бізнэс з унесенай у санкцыйны спіс ЗША беларускай абароннай кампаніяй», гаворыцца ў прэс-рэлізе.
– Аўтарытарны рэжым Лукашэнкі прадаўжае спадзявацца на прыбыткі ад сваіх дзяржпрадпрыемстваў для фінансавання гвалтоўнага ўціску сваіх грамадзянаў і абыходу санкцый ЗША, – заявіў намеснік міністра фінансаў ЗША ў барацьбе з тэрарызмам і фінансавай выведцы Браян Нэльсан. – Мы прадоўжым выкарыстоўваць шырокі набор інструментаў, каб пераследаваць сеткі незаконнага спрыяння Беларусі і змушаць рэжым да адказнасці за ягоны суўдзел у несправядлівай вайне Расеі супраць Украіны.
Каго ўключылі ў санкцыйны спіс. Юрыдычныя асобы:
– ААТ «Навукова-даследчы інстытут электронных вылічальных машынаў»;
– ААТ «АГАТ-сістэм»;
– ААТ «АГАТ-сістэмы кіравання – кіроўная кампанія холдынгу геаінфармацыйныя сістэмы кіравання»;
– ААТ «Тэхніка сувязі»;
– ТАА «Інатэх солюшнс»;
– ААТ «Станкагомель»;
– Centuronic (Кіпр);
– Black Shield Company (Ірак);
– Phoenix Lines (Славакія);
– Rayya danismanlik hizmetleri limited sirketi (Турцыя);
– S.Group airlines LTD (Кіпр);
– Shenzhen 5G High-Tech (Кітай).
Каго ўключылі ў санкцыйны спіс. Фізасобы:
– Аляксандра Аксянчук – за сувязь з кітайскай кампаніяй Shenzhen 5G High-Tech Innovation, якая, паводле звестак аб'яднання былых сілавікоў BELPOL, набывала дэталі для рухавікоў, датчыкаў і абсталявання, што выкарыстоўваюцца ў вытворчасці танкаў і іншай зброі. Як сцвярджаюць расследавальнікі, дэталі пастаўляліся спачатку ў Беларусь, а адтуль – у Расею.
– Алег Юрчык – таксама за сувязь з Shenzhen 5G High-Tech Innovation.
– Дзмітрый Міхальцоў – першы намеснік генеральнага дырэктара – тэхнічны дырэктар ААТ «ММЗ імя С.І. Вавілава – кіроўная кампанія холдынгу "БелОМА"».
– Дзмітрый Браім – за сувязь з заводам «Пеленг».
– Сяргей Чаргейка – за сувязь з заводам «Пеленг».
– Таццяна Пратаповіч – за сувязь з Centuronic.
– Алхаітам Ал – за сувязь з Black Shield Company.
– Махамад Дэйры – за сувязь з Black Shield Company.
– Самэр Рыя – за сувязь з Black Shield Company.
– Нора Ягмур – за сувязь з Rayya danismanlik hizmetleri limited sirketi.
Уключэнне ў пералік вынікуе замарожванне актываў у ЗША і забарону амерыканскім грамадзянам і кампаніям весці бізнэс з яго фігурантамі.