Два звышважныя пытанні: Зяленскі правёў тэрміновае пасяджэнне Стаўкі
- 15.04.2024, 20:42
У тым ліку ён заслухаў справаздачы пра фронт.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі сёння, 15 красавіка, правёў чарговае пасяджэнне Стаўкі вярхоўнага галоўнага камандзіра. Абмеркавалі дзве найважнейшыя тэмы Украіны: фронт і энэргетыка.
Як паведамляецца ў Telegram-канале ўкраінскага прэзідэнта, на стаўцы быў заслуханы даклад галоўнага камандзіра Аляксандра Сырскага пра сітуацыю на асноўных кірунках, абаронныя патрэбы і будучыя дзеянні Украіны.
Таксама былі пададзеныя звесткі ад кіраўніка Службы знешняй выведкі Украіны Алега Івашчанкі і кіраўніка Галоўнай управы выведкі Украіны Кірыла Буданава пра магчымыя дзеянні расейцаў.
Зяленскі заслухаў справаздачу міністра абароны Рустэма Умерава пра кантракты на пастаўку зброі, сістэмы РЭБ і дроны.
Таксама быў даклад віцэ-прэм'ера Аляксандра Кубракова пра абарону крытычнай інфраструктуры, асабліва пра сітуацыю ў прыфрантавых і памежных рэгіёнах.
– Відавочна, што фізічная абарона не можа поўнасцю зберагчы ад удараў тэрарыстаў некаторыя аб'екты. Гэта можа зрабіць толькі даволі эфектыўная СПА. Мы ўдзячныя тым сябрам, якія гэта разумеюць і хутка адгукнуліся на нашы заклікі падтрымаць украінскі паветраны шчыт. Але інтэнсіўнасць расейскіх нападаў патрабуе большага яднання. Абараніўшы Ізраіль, свабодны свет прадэманстраваў, што менавіта такое яднанне не толькі магчымае, але і цалкам эфектыўнае, – адзначыў прэзідэнт.
Паводле ягоных словаў, катэгарычныя дзеянні хаўруснікаў не дапусцілі поспеху тэрору і страты інфраструктуры і прымусілі агрэсара астыць.
– Тое самае магчыма і ў абароне ад тэрору Украіны, якая, як і Ізраіль, не з'яўляецца чальцом NATO. І для гэтага не патрэбная актывацыя 5-га артыкула, дастаткова палітычнай волі, – мяркуе Зяленскі.