У Нью-Ёрку пачаўся судовы працэс над Трампам
- 15.04.2024, 20:22
Трамп – першы экс-прэзідэнт ЗША, якому прад'яўленыя крымінальныя абвінавачанні.
Нью-ёркскі суддзя Хуан Мерчан, які разглядае крымінальную справу Дональда Трампа, звязаную з выплатамі акторцы Стормі Дэніэлс, у панядзелак адхіліў другое хадайніцтва экс-прэзідэнта, які патрабаваў, каб Мерчан узяў самаадвод і адмовіўся ад удзелу ў працэсе, паведамляе «Голас Амерыкі».
Трамп дамагаўся адводу Мерчана на той падставе, што праца дачкі суддзі ў палітычнай кансалтынгавай фірме з кліентамі-дэмакратамі стварае, паводле словаў экс-прэзідэнта, канфлікт інтарэсаў.
Таму ў панядзелак пачаўся адбор прысяжных у справе, якая разглядаецца ў Нью-Ёрку, у якой Трамп абвінавачваецца ў фальсіфікацыі справавой дакументацыі з мэтай схаваць плацяжы за невыдаванне меркаваных пазашлюбных сувязяў. Выбар прысяжных можа заняць некалькі дзён, пасля чаго адбудуцца ўступныя заявы і паказанні сведкаў.
Былы адвакат Трампа Майкл Коэн, які даў паказанні, што ён ажыццяўляў выплаты Дэніэлс, уваходзяць у лік сведкаў на працэсе.
Трамп заявіў, што плануе даць паказанні на сваю абарону.
Трамп – першы экс-прэзідэнт ЗША, якому прад'яўленыя крымінальныя абвінавачанні і пагражае турэмнае зняволенне ў выпадку прызнання яго вінаватым.
Мяркуецца, што судовы працэс супраць Трампа будзе доўжыцца цягам паўтара месяца.
Былы прэзідэнт і меркаваны кандыдат у прэзідэнты ад Рэспубліканскай партыі на лістападаўскіх выбарах неаднаразова аспрэчваў выстаўленыя супраць яго абвінавачанні і выступаў з крытыкай на адрас суддзі Вярхоўнага суда Нью-Ёрка Хуана Мерчана.
Паколькі Трамп абавязаны прысутнічаць у судзе, гэты працэс амаль напэўна прымусіць яго надоўга адмовіцца ад удзелу ў перадвыбарнай кампаніі.