На мяжы Беларусі і Украіны ўспыхнуў пажар
- 15.04.2024, 9:34
Гарэлы адцінак быў цяжкадаступным.
Транспамежны пажар успыхнуў 14 красавіка на мяжы Украіны і Беларусі. Агонь з тэрыторыі суседняй краіны перакінуўся на тэрыторыю Палескага лясгаса, паведамілі ў прэс-службе Мінлясгаса.
«Пад пагрозай была балоцістая мясцовасць у Вільенскім лясніцтве. Паводле аператыўнай інфармацыі, пацярпела блізу 0,5 га», - гаворыцца ў паведамленні.
Асяродак узгарання знайшлі дзякуючы аўтаматызаванай сістэме відэаназірання. На месца прыбыла лясная ахова, для ліквідацыі агню быў задзейнічаны трактар з плугам, пажарны аўтамабіль. Адзначаецца, што пляц быў цяжкадаступным.
«Каб патушыць месцы пераходу агню, работнікам з ранцавымі вогнетушыцелямі даводзілася перамяшчацца па вадзе», - дадалі ў Мінлясгасе. Пажар лакалізаваны.