Іран зрабіў Крамлю «мядзведжую паслугу»
- 15.04.2024, 8:49
У Сэнаце ЗША гавораць аб кансэнсусе для хуткай дапамогі Украіне і Ізраілю.
Атака Ірана на Ізраіль можа паскорыць наданне дапамогі Украіне. Лідар большасці ў Сэнаце ЗША, дэмакрат Чак Шумер заявіў, што падчас нядзельнай тэлефоннай размовы паміж прэзідэнтам Джо Байдэнам і лідарамі Кангрэса быў дасягнуты “кансэнсус”, што Кангрэс павінен дзейнічаць хутка, каб адправіць дапамогу як Ізраілю, так і Украіне.
Заяву Шумера падае "Еўрапейская праўда".
Шумер выказаў надзею на прэс-канферэнцыі ў Нью-Ёрку, што на гэтым тыдні ўдасца нешта зрабіць для дапамогі абедзвюм краінам.
Ён адзначыў, што найлепшы спосаб накіраваць дапамогу Ізраілю і Украіне - гэта прыняцце Палатай прадстаўнікоў адобранага Сэнатам дадатковага закона аб нацыянальнай бяспецы, які ўключае дапамогу абедзвюм краінам.
Сэнат прыняў пакет на суму 95 мільярдаў даляраў у лютым, але спікер Палаты прадстаўнікоў Майк Джонсан не вынес яго на галасаванне.
“Найлепшы спосаб дапамагчы Ізраілю аднавіць сваю супрацьракетную абарону і супрацьдзеянне беспілотнікам - гэта неадкладнае прыняцце гэтага дапаўнення.
Як я ўжо казаў, Ізраіль выдаткаваў каля мільярда даляраў на сваю абарону, і дадатак да закона аб бяспецы папоўніць тыя сродкі супрацьракетнай абароны і абароны ад беспілотнікаў, якія ёсць у сістэме "Страла", сістэме "Прашча Давіда" і "Жалезным купале", - сказаў Шумер.
Раней у нядзелю Байдэн правёў размову з лідарам большасці ў Сэнаце Шумерам, спікерам Палаты прадстаўнікоў Майкам Джонсанам, лідарам меншасці ў Палаце прадстаўнікоў Хакімам Джэфрысам і лідарам меншасці ў Сэнаце Мітчам Маканэлам.