Прэзідэнт Чэхіі не выключае перакідку замежных войскаў ва Украіну
- 5.03.2024, 21:17
Аднак агучыў умову.
Прэзідэнт Чэхіі Пётр Павел мяркуе, што перакідка вайскоўцаў з еўрапейскіх краінаў ва Украіну магчымая, аднак не для ўдзелу ў баявых дзеяннях.
Пра гэта ён сказаў на прэс-канферэнцыі з прэзідэнтам Францыі Эмануэлем Макронам у Празе, паведамляе Novinky.cz.
Ён падкрэсліў, што ў гэтым пытанні выступае за пошук новых спосабаў падтрымкі Украіны, у тым ліку дыскусіі пра магчымую прысутнасць замежных войскаў ва Украіне.
«Я выступаю за пошук новых спосабаў (падтрымкі Украіны – рэд.), уключаючы прадаўжэнне дыскусіі пра магчымую прысутнасць ва Украіне рознымі спосабамі і формамі», – падкрэсліў прэзідэнт.
Павел таксама дадаў, што дыскусіі ў гэтым пытанні пакуль на пачатковым этапе, таму неабходна прадаўжаць працу.
Пры гэтым чэшскі прэзідэнт мяркуе, што не варта гаварыць пра накіраванне ва Украіну баявых атрадаў, бо гэта магло б стаць «перасячэннем чырвоных ліній». Ён удакладніў, што гатовы абмяркоўваць «формы падтрымкі», у тым ліку такія, як падрыхтоўка байцоў УСУ не на тэрыторыі партнёрскіх краінаў, а непасрэдна ва Украіне.
«Паколькі ў нашых інтарэсах, каб Расея не мела поспеху ва Украіне, мы не можам спыняцца на той дапамозе, якую прапануем Украіне цяпер», – падкрэсліў Павел.