«Белтэхагляд» назваў адрозненні праходжання ТА электракарамі ад іншых машынаў
- 5.03.2024, 20:04
Гібрыдныя аўто таксама разглядаюць як электракары.
У «Белтэхаглядзе» расказалі пра адрозненні праходжання тэхагляду электрамабілямі і гібрыднымі аўто ад машынаў з рухавіком унутранага згарання.
Так, паводле словаў кіраўніка ўправы арганізацыі дзяржтэхагляду «Белтэхагляду» Міхаіла Міхалоўскага, пры праходжанні ТА электракарамі не бяруцца да ўвагі экалагічныя параметры, таму і кошт тэхагляду крыху таннейшы. Акрамя таго, спецыялісты дзяржтэхагляду ніяк не ўзаемадзейнічаюць з батарэяй транспартных сродкаў на электрычнай цязе. А пытанні абслугоўвання і кантролю АКБ павінны праводзіцца падрыхтаванымі спецыялістамі.
– У нас у рамках тэхрэгламентаў такіх сістэмаў кантролю няма, – заўважыў прадстаўнік «Белтэхагляду».
Калі гаворка ідзе пра гібрыдныя аўто (з двума рухавікамі – электрычным і РУЗ), то іх на станцыях тэхагляду разглядаюць як электракары. Напрыклад, у «Хонды Цывік» на ТА не будуць правяраць экалагічныя паказнікі і выхлапную сістэму.