Палкоўнік УСУ: Расея накіраваная на захоп стратэгічнай вышыні
- 5.03.2024, 15:23
Пад пагрозай вялікі горад.
Ваенны экспэрт, палкоўнік запасу УСУ Раман Світан пракаментаваў сітуацыю ў Бахмуцкім раёне ў кірунку Часовага Яра.
«Сітуацыя небяспечная практычна на ўсіх кірунках. У Бахмуцкім раёне супраціўнік паставіў сабе аператыўную задачу - выціснуць нашы войскі з Часовага Яра», - падкрэсліў ён у каментары «Главреда».
Ваенны экспэрт таксама гаворыць аб тым, што расейскія акупанты паспрабуюць выканаць гэтую задачу найбліжэйшым часам.
«Часаў Яр - гэта пануючая вышыня, адкуль наша артылерыя кантралюе не толькі частку Бахмута, але і поўнач і поўдзень Бахмуцкага раёна - Бярхоўку і Кляшчэеўку. Таму расейцы будуць спрабаваць скінуць нас з гэтай вышыні», - папярэдзіў ён.
Разам з тым ваенны экспэрт адзначае, што на сёння ўкраінскім войскам цяжка стрымліваць напады акупантаў.
«Сілы абароны ўтрымаюць свае пазіцыі, калі атрымаюць дастатковую колькасць узбраенняў і боепрыпасаў. За кошт кантролю над вышынёй ва УСУ тут перавага над расейцамі», - дадаў Світан.