Чыгуначнікі: За тры дні пад Менскам адбыліся два інцыдэнты з небяспечнымі грузамі
- 23.02.2024, 21:45
Адбылася і выцечка таксічнага газу.
За мінулыя тры дні ў наваколлях Менска адбыліся два інцыдэнты з небяспечнымі грузамі на чыгунцы. У Фаніпалі здарылася выцечка шкоднага газу, пад Міханавічамі з рэек сышлі гружаныя бензінам цыстэрны, паведамілі ў «Супольнасці чыгуначнікаў Беларусі».
Паводле звестак чыгуначнікаў, на станцыі Фаніпаль днём 20 лютага пры выкананні манеўровай працы ў вагоне РЧ, гружаным спецыяльнымі ёмістасцямі, быў знойдзены рэзкі пах газу.
Высветлілася, што адбылася выцечка рэшткаў асабліва таксічнага рэчыва – этылмеркаптану. Ён у спісе моцнадзейных атрутных рэчываў, адносіцца да II класу небяспекі (рэчывы высоканебяспечныя) і ў вялікіх колькасцях можа выклікаць галаўны боль, млоснасць і страту каардынацыі, таксама ён шкодзіць ныркам і печані.
Вагон адчапілі для ўхілення выцечкі, арганізавалі агароджу, выставілі ахову. Працу ў ліквідацыі наступстваў інцыдэнту выконвалі супрацоўнікі МНС, яна занялі чатыры гадзіны. У МНС паведамілі, што пагрозы жыццю і здароўю людзей няма.
Рэзкі «хімічны» пах адзначаўся супрацоўнікамі станцыі Фаніпаль, пасажырамі, жыхарамі найбліжэйшых дамоў. Відавочцы фіксавалі «дымленне бочак» у складзе грузавога цягніка, які стаяў на станцыі.
А 22 лютага на пад'язных шляхах кампаніі А-100, якія прымыкаюць да станцыі Міханавічы, сышлі з рэек дзве цыстэрны, гружаныя бензінам. Гэта адбылося проста пад мостам трасы М1/Е30.
На шчасце, разліву паліва і пажару атрымалася ўнікнуць, на месца здарэння прыехалі сілы МНС.
«Паводле папярэдніх звестак, прычынай сходу з'явіліся няправільныя дзеянні кіраўніка працаў – складальніка цягнікоў», – дадалі ў супольнасці.