Пуцін у паніцы праз пастанову Арменіі датычна АДКБ і патрабуе «тлумачэнняў»
- 23.02.2024, 20:17
Ерэван зрабіў першы крок да поўнага выхаду з звязу.
Заява кіраўніка ўраду Арменіі Нікола Пашыняна пра замарозку ўдзелу краіны ў Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бяспецы (АДКБ), узначаленым Расеяй ваенным звязе, збянтэжыла Крэмль. У МЗС РФ патрабуюць ад Ерэвана «тлумачэнняў» словаў прэм'ер-міністра Арменіі.
Пра гэта ў пятніцу пішуць расейскія прапагандысцкія СМІ са спасылкай на заяву МЗС РФ.
У расейскім МЗС чакаюць «вычарпальных тлумачэнняў праз двухбаковыя каналы», а таксама дадаюць, што прадаўжаюць уважаць Арменію за «паўнапраўнага чальца» згаданай арганізацыі.
У той самы час у Маскве паскардзіліся, што Ерэван стаў менш удзельнічаць у дзейнасці звязу, і хочуць, каб Арменія «абмяркоўвала наяўныя заклапочанасці ў спакойным дыялогу». Крамлю не спадабаліся папрокі Ерэвана наконт невыканання АДКБ сваіх абавязальніцтваў у дачыненні да Арменіі падчас падзеяў у Карабаху ў 2021–2022 гадах.
Нагадаем, Пашынян заявіў у інтэрв'ю французскім СМІ пра замарозку ўдзелу Арменіі ў АДКБ, дадаўшы, што РФ і названая арганізацыя адмовілі Ерэвану ў дапамозе падчас канфлікту з Азербайджанам, паводле вынікаў якога Карабах быў вернуты пад кантроль Баку.
Пасля падзеяў у Карабаху Пашынян неаднаразова выступаў з публічнымі заявамі, у якіх дэклараваў неабходнасць дыверсіфікацыі знешняй палітыкі і пошуку новых механізмаў гарантыі бяспекі Арменіі, а таксама гаварыў пра бескарыснасць размяшчэння расейскай ваеннай базы ў Гюмры.