Вайна ва Украіне змяніла стаўленне свету да войска: Bloomberg назваў прычыны
- 23.02.2024, 20:01
Сусветныя лідары перагледзелі адносіны да вядзення вайны.
Поўнамаштабнае ўварванне РФ ва Украіну трансфармавала войскі розных краінаў і змяніла стаўленне свету да будучых канфліктаў, піша Bloomberg.
Першым такім паказнікам выданне называе важнасць выкарыстання дронаў на фронце. За апошнія тры гады рынак беспілотнікаў у свеце вырас у 10 разоў і галоўным каталізатарам стала вайна ва Украіне.
Іншая змена датычыцца геапалітычнага складніку: на думку выдання, вайна ва Украіне сфармавала больш біпалярны свет. У якасці прыкладу яны называюць Швэцыю і Фінляндыю, якія сумняваліся наконт уступлення ў NATO. Але пачатак поўнамаштабнага ўварвання змяніў гэтую пазіцыю.
Яшчэ адзін палітычны складнік – гэта санкцыі, якія даказалі сваю недзеяздольнасць з гледзішча ўплыву на агрэсара. Журналісты прызнаюць, што РФ змагла ўтрымаць сваю эканоміку, нягледзячы на значны ціск Захаду.
Важным стала значэнне незалежнасці шляхоў пастаўкі ўзбраення. Выданне піша, што ў выпадку неабходнасці зброі ці боепрыпасаў Украіна звяртаецца да хаўруснікаў і залежыць ад іх. Затое РФ у выпадку неабходнасці запускае ўласную вытворчасць. На гэтым прыкладзе выданне тлумачыць неабходнасць стварэння ўласнай вайсковай вытворчасці для кожнай з краінаў.
Гэта можа адбыцца зноў – так заканчвае свой матэрыял Bloomberg. Выданне адзначае, як заходні свет пачаў рыхтавацца да будучых войнаў:
«Толькі цяпер, праз два гады вайны, сама Нямеччына дасягнула мэты ваенных выдаткаў NATO 2% ВУП. Краіны ад Даніі да Нямеччыны працуюць над узмацненнем сваёй абароны з розным узроўнем настойлівасці. Яны падлічылі, што праз некалькі гадоў Пуцін можа быць гатовы напасці на краіну NATO».