Пастара з Новалукомля затрымалі пасля малітвы за Украіну
- 23.02.2024, 11:01
У лукашыстаў знайшлася яшчэ адна нагода панервавацца з-за дзейнасці святара.
Аляксандр Зарэцкі, пастар евангельскай царквы Новалукомля (Чашніцкі раён, Віцебская вобласць) быў учора затрыманы за тое, што падчас набажэнства ў ягонай суполцы гучала малітва за спыненне вайны ва Украіне, піша «Хрысціянская візія».
Раней мясцовыя ідэолагі неаднаразова выказвалі прэтэнзіі пастару з гэтай нагоды і пагражалі пераследам.
Незадаволенасць уладаў выклікала і тое, што пастар таксама адмаўляўся ўдзельнічаць у палітычных мерапрыемствах, якія яны ладзяць.
Зарэцкі і яго суполка зазнала пераслед з боку сілавікоў ужо не раз. У ліпені 2021 года ў пастара праходзіў ператрус, у лістападзе 2021 года адміністрацыйная справа была распачатая з-за нязначных недакладнасцяў пры афармленні гуманітарнага грузу.
20 красавіка 2023 г. пастар быў затрыманы паводле арт. 19.11 КоАП РБ за падабайкі і каментары да матэрыялаў з інтэрнэт-рэсурсаў, прызнаных экстрэмісцкімі.
Пастар двойчы запар атрымаў арышт на 15 дзён, правёўшы за кратамі месяц.