Пілот збітага расейскага Су-35 да смерці замёрз у Азоўскім моры
- 23.02.2024, 10:16
Самалёт знішчыла ракета комплексу Patriot.
Сталі вядомыя падрабязнасці пра мёртвага расейскага вайскоўца з часова акупаванай Качы Фёдара Грабавецкага.
28-гадовы капітан ВКС РФ быў пілотам расейскага знішчальніка Су-35. Самалёт быў збіты 19 лютага а 12:00 у небе каля Марыюпаля, паведамляе тэлеграм-канал «Крымскі вецер».
Лётчык паспяхова катапультаваўся. Цела загінулага вайскоўца знайшлі прыблізна праз паўгадзіны за 1 км ад берага. Увесь гэты час ён знаходзіўся ў ледзяной вадзе Азоўскага мора. Выратаваць не паспелі. Змёрз.
Грабавецкі скончыў Краснадарскую вышэйшую ваенную авіяцыйную вучэльню лётчыкаў. Пасля выпуску праходзіў службу ў 120-м гвардзейскім авіяпалку (в/ч 63559, с. Домна, Чыцінская вобл. РФ).
Пасля пачатку вайны - афіцэр 18-га гвардзейскага штурмавага авіяцыйнага палка (в/ч 78018, с. Чарнігаўка, Прыморскі край РФ).
Прымаў удзел у баявых аперацыях з 2023 года.
Збіты Су-35 уключаны ў статыстыку УСУ. Крыніцы "Крымскага ветру" паведамляюць, што збіты ён быў ракетай комплексу Patriot.