«Лукашэнка ніяк не можа супакоіцца»
- 17.02.2024, 19:50
Дыктатарам авалодаў страх.
У рэдакцыю сайта Charter97.org напісала выкладчык менскай ВНУ Алена:
- У нашым універсітэце неспакойна, будуць зноў «ператрахіваць», звальняць і садзіць. Але і так працаваць няма каму! З 2020-га года дзясяткі кваліфікаваных спецыялістаў былі звольнены, арыштаваны і выгнаныя з краіны.
Увесь калектыў нашага аддзелу напружыўся, правёў невялікую сустрэчу з калегамі, з якімі з'елі не адзін пуд солі, і абмеркавалі, як абараніцца ад хапуна. Праверылі тэлефоны, пачысцілі мэсэнджары, яшчэ раз прагледзелі «экстрэмісцкі спіс», каб упэўніцца, што ўсе незалежныя крыніцы інфармацыі добра схаваныя. Раней мы збіраліся, каб абмеркаваць метады, падыходы і інструменты выкладання. Цяпер залезлі пад зямлю, каб выжыць.
Ва ўніверсітэце ствараецца яшчэ адна камісія, якая правярае людзей на «вернасць правадыру», ідэолагі ходзяць, як прывіды, у сценах універсітэта са сваімі абсурднымі мерапрыемствамі і прамовамі.
Дыктатарам авалодаў страх, які не дае яму ні спаць, ні жыць. Ён ніяк не можа супакоіцца, баіцца людзей, якія не згодны з рэпрэсіямі, дыктатурай і карупцыяй.
А хто будзе працаваць? Так, сярод нас ёсць шчырыя людзі, якія не падтрымліваюць і ніколі не падтрымлівалі ні рэжым, ні ідэалогію, ні дыктатара. І я думаю, што нашыя шанцы працягнуць працу значна вышэйшыя, чым у састарэлага дыктатара.