BE RU EN

Беларусы прыдумалі сэрвіс, які зробіць ідэальную фатаграфію для рэзюмэ

  • 9.12.2023, 21:38

Як менавіта гэта працуе?

IT-кампанія з беларускімі каранямі Agente запусціла прадукт, які дапамагае зрабіць больш прывабнае рэзюмэ (і не толькі). Ідэя ў тым, што штучны інтэлект стварае прафесійныя і бізнес-партрэты на аснове звычайных сэлфі. Заснавальнікі праекту Андрэй Цярохін і Алег Рамейка распавялі Devby.io аб тым, як гэта працуе.

Сузаснавальнік Agente Андрэй Цярохін кажа, што ідэя праекту па генерацыі бізнэс-партнёраў Headpix нарадзілася на фоне «хвалі штучнага інтэлекту, якая накрывае ўсіх і ўсё». Яго сутнасць у наступным: калі вам неабходны прыгожы дзелавы партрэт (напрыклад, для рэзюмэ або асабістага сайта), то можна не турбаваць сябе фатаграфаваннем. Дастаткова толькі загрузіць некалькі сэлфі ў генератар – і ён сам зробіць вашыя партрэты на аснове ўжо наяўных выяваў.

Стваральнікі праекта згаджаюцца, што гучыць крыху жудаснавата.

- Але, здаецца, усё, што цяпер адбываецца ў галіне ШІ (artificial intelligence, штучны інтэлект. – Заўв. рэд.), выглядае менавіта так, – дадае Цярохін.

Праект беларусаў, са слоў суразмоўцаў, не адзіны ў сваім родзе. Аднак яны плануюць яго развіваць і выкарыстоўваць навыкі, атрыманыя ў ходзе яго распрацоўкі, для іншых развязанняў кампаніі.

Як менавіта гэта працуе?

На сайце Headpix трэба пазначыць, для каго вы будзеце ствараць выявы – для сябе ці каманды. Затым абраць патрэбны план – за яго спішуць аднаразовую аплату. На выбар ёсць некалькі пакетаў за 29, 39 ці 59 даляраў. Самы танны пакет дасць 100 фота ў адным стылі, а «прэміум» – ужо 300 з больш чым 15 стылямі.

Каб атрымаць гатовыя партрэты, трэба загрузіць не менш за 15 фатаграфій, а потым вы атрымаеце згенераваны вынік. Таксама вы зможаце выбраць, які бэкграўнд хочаце – офісны, студыйны або як быццам вы на вуліцы.

Неяк дорага! Чаму такі кошт?

Справа ў тым, што Headpix арыентуецца на рынак ЗША.

- Сярэднестатыстычны хэдшот (фотапартрэт вышэй за грудзі. – Заўв. рэд.) у Нью-Ёрку каштуе прыкладна 300-400 даляраў. Пры гэтым трэба ісці нагамі ў студыю, і ў выніку ты атрымліваеш 20 здымкаў, – тлумачыць Цярохін. – А наша прапанова – у 10 разоў таннейшая, плюс нікуды не трэба ісці. Ты можаш сядзець дома ў піжаме, проста загрузіць свае сэлфі і атрымаць партрэт у касцюме.

Таксама стваральнікі запэўніваюць, што іх праект не падобны на папулярныя зараз сэрвісы, якія проста «пераносяць твар з фатаграфіі ў нейкае асяроддзе».

- Не, наша мадэль падладжваецца пад кожнага чалавека і малюе яго твар. Гэта значыць, замест простага пераносу адбываецца працэс генерацыі выявы, – кажа Цярохін.

Апошнія навіны