BE RU EN

ЗША топяць нафтавы ценевы флот Пуціна

  • 1.12.2023, 19:56

ЗША ўвялі санкцыі супраць траіх парушальнікаў коштавай столі для расейскай нафты.

ЗША ў апошні час некалькі разоў пагражалі заняцца ценевым флотам, які возіць расейскую нафту на парушэнне коштавай столі. У пятніцу Управа кантролю за замежнымі актывамі Міністэрства фінансаў ужыла новыя захады супраць тых, хто спрабуе абысці санкцыі, піша The Moscow Times.

Санкцыі ўведзеныя супраць трох кампаній – уладальнікаў танкераў, якія «перавозілі расейскую нафту Urals коштам даражэй за $70 за бараль пасля таго, як была ўведзеная столь», і пры гэтым «карысталіся [фінансавымі] паслугамі асобаў з ЗША». Гэта:

– Sterling Shipping Incorporated з ААЭ, уладальнік танкера NS Champion;

– Streymoy Shipping Limited з ААЭ, уладальнік танкера Viktor Bakaev («Віктар Бакаеў»);

– HS Atlantica з Ліберыі, уладальнік танкера HS Atlantica.

У кампаній і танкераў, якія трапілі пад санкцыі, блакуюцца актывы ў ЗША, асобам з ЗША забаронена з імі супрацоўнічаць.

«Забеспячэнне выканання патрабаванняў коштавай столі для расейскай нафты – галоўны прыярытэт Злучаных Штатаў і іх партнёраў у кааліцыі», – заявіў намеснік міністра фінансаў Уолі Адэема.

У кастрычніку – лістападзе ЗША ўвялі санкцыі супраць першых пяці танкераў, што хутка прывяло да зніжэння кошту набыцця нафты ў Расеі і павелічэння затратаў на яе транспартаванне. Вашынгтон таксама запытаў інфармацыю ў 30 суднаходных кампаній прыкладна пра сотню танкераў.

Вашынгтон будзе рабіць усё, што ад яго залежыць, каб да канца дзесяцігоддзя ўдвая скараціць прыбыткі Расеі ад нафты і газу, заявіў Financial Times Джэфры Паят, памочнік дзяржсакратара ЗША ў энэргетычных пытаннях: «Мэта гэтых санкцый – змяніць паводзіны Расеі і зрабіць так, каб, калі ўсталюецца нейкі мір [ва Украіне]… Пуцін не мог цягам трох-чатырох гадоў пераўзброіцца, падрыхтаваўшы сябе і свае ўзброеныя сілы да трэцяга этапу ўварвання».

Апошнія навіны