BE RU EN

Неадэкватны суддзя Аляксандр Воўк аштрафаваў мянчанку за белы аркуш паперы на акне

  • 8.07.2021, 19:26

Белыя аркушы паперы жанчына размяшчае па ўсім доме, каб вывучыць ангельскую мову.

Суд Савецкага раёна Менска 8 ліпеня аштрафаваў 36-гадовую Насту Емельянаву на 50 базавых адзінак (1450 рублёў) за вывешаны на акне 12-га паверха белы аркуш паперы, паведамляе праваабарончы цэнтр "Вясна".

Пратакол паводле арт. 24.23 КоАП (парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў) на жанчыну быў складзены 15 чэрвеня. Яе абвінавацілі ў «пікетаванні шляхам размяшчэння на акне 12-га паверха белага аркуша паперы».

Емяльянава сцвярджае, што аркуш на акне не вісеў нават 9 траўня. Белыя аркушы паперы жанчына размяшчае па ўсім доме, каб вывучыць ангельскую мову. На іх яна піша пераклад слоў, каб хутчэй іх запомніць. Са слоў Емяльянавай, яна працуе дома, стол з кампутарам стаіць на балконе, таму яна і там вешае пераклады на паперы, каб глядзець у перапынку паміж працай.

Суддзя Савецкага раёна Аляксандр Воўк падчас суду прачытаў усе словы на тых аркушах паперы, якія забралі дома ў Емяльянавай. У пісьмовых матэрыялах справы ёсць фатаграфіі вокнаў кватэры, але яна не ўпэўненая, што гэта яе вокны. На гэтых фотаздымках няма нумара дома, таму яго дапісалі супрацоўнікі міліцыі.

У выніку суддзя Аляксандр Воўк палічыў віну Емяльянавай цалкам даказанай і аштрафаваў жанчыну на 1450 рублёў (50 базавых адзінак).

Апошнія навіны