«Журналістам нічога не казаць»
- 24.03.2020, 21:30
Што адбываецца ў Жыткавічах, дзе выявілі каронавірус.
Шмат людзей у масках, пераабсталяваная паліклініка і рабочыя, якім загадалі нічога не казаць журналістам. «Радыё Свабода» з`ездзіла ў Жыткавічы Гомельскай вобласці, дзе ў мясцовай жыхаркі 22 сакавіка пацвердзілі першы выпадак каронавіруса COVID-19.
У панядзелак апрацавалі ўсё адмысловымі сродкамі, завод аднавіў працу
«Ды мы самі не разумеем, як каронавірус да нас патрапіў, - кажуць калегі жанчыны, якую ў нядзелю забралі ў інфекцыйную бальніцу ў Гомелі. - Думалі, да нас тут ніякі лось не дабяжыць».
Ад Жыткавіч аднолькава далёка што да Менска, што да абласнога цэнтру Гомелю - блізу 220 км у кожны бок.
Са слоў мясцовых жыхароў, замежнікі ў раёне маглі быць толькі ў суседнім Тураве. Туды на малочнае прадпрыемства перыядычна прыязджаюць спецыялісты з Італіі.
Раніцай 24 сакавіка на заводзе, дзе працуе жанчына з пацверджаным каронавірусам, усё адбываецца ў штатным рэжыме. 23 сакавіка санэпідэмстанцыя апрацоўвала адмысловымі сродкамі памяшканні. Супрацоўнікі паказваюць падцёкі на шкле, якія засталіся з ўчора. Падчас размовы ім патэлефанавала начальства.
«Усе, нам сказалі, каб мы журналістам нічога не казалі», - паведамілі калегі хворай жанчыны.
Вядома, што з заводу забралі яшчэ 5-7 супрацоўнікаў, з якімі кантактавала хворая.
Дадатковых мер засцярогі на гэтым прадпрыемстве не ўводзілі. Антысептыкі тут з'явіліся яшчэ раней - да выпадку з каронавірусам. Маскі таксама.
У паліклініку - толькі ў масцы, для людзей з тэмпературай - асобны ўваход
Самыя прыкметныя змены ў Жыткавічах адбыліся, відаць, у паліклініцы. Увесь мінулы тыдзень сюды хадзіла жанчына, у якой потым выявілі COVID-19. Цяпер тут кожныя тры гадзіны праводзяць дэзінфекцыю. Пра гэта распавяла загадчыца паліклінікі. Планавыя візіты скарацілі. Частку будынка выдзелілі пад прыём людзей, у якіх высокая тэмпература. Яны заходзяць у паліклініку праз асобны ўваход, каб не кантактаваць з іншымі наведвальнікамі і лекарамі.
Таксама ў паліклініку не ўпускаюць пацыентаў без медыцынскіх масак. І лекары, і наведвальнікі - усе іх апранаюць.
«Вось прыйшоў купляць маску, каб патрапіць на прыём», - кажа адзін з наведвальнікаў паліклінікі.
У аптэках горада маскі і антысептыкі толькі за адзін дзень сталі самым патрабаваным таварам. Правізар кажа, што пасля навіны пра каронавірус у аптэцы удвая больш пакупнікоў.
«Пра маскі і антысептыкі, вядома, больш за ўсё пытаюцца», - кажа правізар.
Як і ў большасці аптэк Беларусі, тут засталіся шматразовыя марлевыя маскі. У Жыткавічах адна такая каштуе 1,3 рубля.
Народны каранцін. Дзяцей не пускаюць у школу, пажылыя людзі імкнуцца не выходзіць на вуліцу
Нягледзячы на тое, што каранцін у Беларусі афіцыйна не ўводзілі, жыхары Жыткавічаў імкнуцца не выходзіць з дому.
Жанчына, якую карэспандэнты сустрэлі каля паліклінікі, сказала, што пакінула сваіх дзяцей дома і не пусціла ўчора ў школу. Яна і яе сын былі ў масках.
«Учора, як пайшлі пагалоскі, што ў нас нешта ўспыхнула, усе дзеці ўжо былі дома», - сказала яна.
Пенсіянерка, якая праходзіла міма паліклініку ў масцы, кажа, што рэдка выходзіць з хаты. Цяпер яна вымушаная схадзіць у аптэку, каб набыць лекаў і новых масак.
«Усё ж такі менш трэба знаходзіцца ў масавых месцах. Асабліва нам, пенсіянерам. Я сяджу дома пераважна. Толькі ў краму хуценька выходжу", - сказала жанчына.
Таксама ў масцы ішла жанчына, якая купіла дзве сумкі прадуктаў на два тыдні наперад. «На ўсялякі выпадак, каб хапіла на каранцін".
Аднак афіцыйна школы і садкі працуюць, кавярні - таксама. Праўда, шмат дзе ляжаць ўлёткі пра каронавірус, а ў туалетах стаяць слоікі з антысептыкам.
Аднак некаторыя жыхары ўважаюць, што ніякіх мер у горадзе ўводзіць не варта. Як, напрыклад, пенсіянерка, якая ішла з крамы.
«Пакуль толькі адзін чалавек захварэў, я думаю, рана нешта рабіць», - мяркуе яна.
«Пра каронавірус даведаліся з тэлевізара, а не ад начальства»
У будні дзень каля дома, дзе жыве захварэлая жанчына, даволі ціха. Санэпідэмстанцыя была тут увечары ў нядзелю, адмысловымі сродкамі апрацоўвалі пад'езд. Аднак ніхто з суседзяў хворай не згаджаецца размаўляць з журналістамі.
Праз недахоп інфармацыі ў горадзе ходзяць вельмі розныя пагалоскі і пра колькасць тых, хто захварэў каронавірусам, і пра стан жанчыны, у якой пацвердзілі дыягназ.
«У нас было кіраўніцтва і з Жыткавіч, і з Гомеля. Але яны яшчэ ўчора казалі, што каронавірус не пацверджаны. Мы з тэлевізара даведаліся, што ў нас каронавірус», - кажуць мясцовыя жыхары, якіх сустрэлі журналісты.