«Белпошта» пашырыла спіс краін, куды дойдуць адпраўленні
- 24.03.2020, 19:25
Раней паштовыя адпраўлення можна было зрабіць толькі ў Кітай, Ганконг і Расею.
РУП «Белпошта» паінфармавала, што з 24 сакавіка дадаткова да ўжо адкрытых раней напрамкаў адноўлены прыём міжнародных паштовых адпраўленняў у іншыя краіны. А менавіта:
для адпраўленняў міжнароднай паскоранай пошты EMS - Гішпанія, Казахстан, Куба, Кыргызстан, Літва, Польшча, Тайланд;
для адпраўленняў пісьмовай карэспандэнцыі і пасылак - Азербайджан, Арменія, Гішпанія, Казахстан, Польшча, ЗША.
Таксама паштавікі звярнулі ўвагу, што ў сувязі з чарговай адменай рэйсаў авіякампаній прыём усіх відаў адпраўленняў прызначэннем ў Сербію будзе закрыты.
Нагадаем, «Белпошта» 18 сакавіка часова закрыла прыём паштовых адпраўленняў амаль ва ўсе краіны, выключаючы Кітай, Ганконг і Расею.
Звязана гэта было з закрыццём рэйсаў авіякампаній, якія перавозілі пошту з нашай краіны ў іншыя дзяржавы, з мэтай не дапусціць далейшае распаўсюджванне каронавіруса.
Праз дзень беларускі паштовы аператар паведаміў пра аднаўленне прыёму адпраўленняў у шэраг краін. А цяпер распавёў пра пашырэнні спісу «даступных».