Беларусь пачала перадачу Расеі спісу невыязных асоб
- 24.03.2020, 12:46
Раней МУС атрымала такі ж ад расейскіх калег.
Беларусь і Расея сфармуюць адзіную базу невыязных грамадзян да 1 красавіка. Пра гэта паведаміў 24 сакавіка начальнік Дэпартамента грамадзянства і міграцыі Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі Аляксей Бягун.
Прадстаўнік МУС адзначыў, што беларускі бок ужо атрымаў асобны спіс у дачыненні да тых асоб, права выезду якіх з Расеі абмежаванае. Цяпер адбываецца інтэграцыя дзвюх баз звестак, паведамляе «Белсат».
«Пачалі адпраўку адпаведных звестак у Расею. Гэтая праца да за 1 красавіка павінна быць закончаная», - сказаў Бягун.
Таксама ён адзначыў, больш за 300 замежнікаў папрасілі падоўжыць ім тэрмін знаходжання ў Беларусі больш як на 90 дзён з прычыны закрыцця межаў праз каранавірус.
Нагадаем, што Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі і Расеі планавалі да 1 сакавіка закончыць фармаванне супольнага спісу неўязных грамадзян, а таксама стварыць супольны спіс невыязных.
Таксама дамоўлена падрыхтаваць пагадненне, якое рэгламентуе пытанні абмену інфармацыі ў галіне міграцыі ў дачыненні да ўласных грамадзян.