Пласіда Дамінга паведаміў, што ў яго знайшлі каронавірус
- 22.03.2020, 21:29
Гішпанскі тэнар праверку на каронавірус прайшоў пасля з'яўлення кашлю і сімптомаў ліхаманкі.
79-гадовы гішпанскі спявак, тэнар Пласіда Дамінга паведаміў 22 сакавіка ў Facebook, што ў яго знайшлі каронавірусную інфекцыю, піша gordonua.com.
«Уважаю сваім маральным абавязкам абвясціць вам, што ў мяне станоўчы вынік на COVID-19, каронавірус. Мая сям'я і я знаходзімся ў самаізаляцыі, пакуль гэта лічыцца неабходным з медыцынскага пункту гледжання. Цяпер усе мы ў добрым здароўі, але ў мяне з'явіліся сімптомы ліхаманкі і кашлю, таму я наважыў прайсці тэставанне, і вынік быў станоўчым», - напісаў ён.
Спявак заклікаў людзей быць вельмі асцярожнымі і прытрымлівацца асноўных правіл для прафілактыкі каронавіруса.
«Разам мы можам змагацца з гэтым вірусам і спыніць цяперашні сусветны крызіс, таму мы спадзяемся, што вельмі хутка вернемся да нашага звычайнага паўсядзённага жыцця», - адзначыў Дамінга.
Успышка каронавіруснай інфекцыі COVID-19 пачалася ў снежні 2019 года ў Кітаі. 11 сакавіка Сусветная арганізацыя аховы здароўя абвясціла распаўсюджванне каронавіруса пандэміяй. Паводле звестак амерыканскага Універсітэта Джона Хопкінса на 22 сакавіка, агульная колькасць інфікаваных у свеце складае больш за 310 тысяч, памерла больш за 13 тысяч чалавек.
У Гішпаніі за апошнія дні ад каронавіруса памерла 394 чалавекі, агульная колькасць смяротных выпадкаў у краіне дасягнула 1720.