Наступствы «цукровай справы»: Што адбываецца на камбінаце ў Слуцку
- 22.03.2020, 18:12
У горадзе развальваецца чарговая вытворчасць.
Пасля навіны пра тое, што Слуцкі цукрарафінадны камбінат у гэтым сезоне не зможа аказаць спонсарскую дапамогу СФК «Слуцк», случчакі зноў загаварылі пра лёс прадпрыемства. Яшчэ з канца студзеня, калі на ўсю краіну прагрымела т.зв. «Цукровая справа» многія перажываюць, што ў горадзе разваліцца чарговая вытворчасць.
Пра тое, як ідуць справы на прадпрыемстве, «Кур'еру» распавёў Восіп Дапіра, старшыня назіральнай рады Слуцкага цукроварафінаднага камбіната.
Хто цяпер кіруе камбінатам?
- Абавязкі дырэктара выконвае Руслан Лемеш, галоўны інжынер.
Калі будзе прызначэнне новага дырэктара?
- На назіральную раду гэтае пытанне будзе вынесенае пасля ўзгаднення кандыдатуры паміж «Белдзяржхарчпрамам», Cавета Міністраў і Мінаблвыканкамам. Калі дадуць кандыдатуру на зацвярджэнне наглядальнай рады - пакуль невядома.
Якія яшчэ на цукровым камбінаце былі кадравыя перастаноўкі?
- На мінулым тыдні пачаў працаваць новы намеснік дырэктара камерцыйных пытанняў - Віталь Маркавец. Да гэтага ён кіраваў Старадарожскім плодаагароднінным заводам, які належыць цукроваму камбінату.
Паводле вынікаў 2018 года з чатырох цукровых заводаў Беларусі толькі слуцкі паказаў прыбытак. Як спрацавалі летась?
- Мінулы год мы скончылі добра. З прыбыткам. Мы вельмі мала ў канцы года прадавалі цукру. Спадзяваліся на паляпшэнне кошту, але гэтага не адбылося.
Якая зараз эканамічная і вытворчая абстаноўка на камбінаце? Кажуць, што з пачатку года не было ні адной адгрузкі на экспарт...
- Не, гэта не так. Адгрузкі праводзяцца. Прычым не толькі ў Расею, але і ў краіны Еўропы. Вось толькі аб'ёмы значна меншыя за леташнія і продажы ідуць са стратай. Моцна ўпалі цэны праз перавытворчасць цукру. Вядома, усе перажываюць. У нас вялікія запасы цукру, а ў Беларусь завезена шмат расейскага.
Значна зменшыліся: гэта на колькі? І з чым гэта звязана?
- Дакладных лічбаў пакуль назваць не магу. Звязана гэта з вельмі нізкай цаной на цукар. Продажы з вялікім стратай небяспечныя наступствамі. Таму і малыя продажы. Шукаем, дзе стратаў менш.
А ці ёсць праблема з мяшкамі? Ходзяць размовы, што праз скандальную справу цяпер няма ў што адгружаць цукар...
- Праблем няма. Мы з сіласаў цукар забіраем толькі на фабрыку фасоўкі. У мяшкі «не затарваем», каб хапіла цукру для расфасоўкі. Ужо спакаванага ў мяшкі цукру ў нас вялікія запасы. Было б куды грузіць.
Цяпер камбінат працуе на поўную магутнасць?
- Цяпер камбінат знаходзіцца на рамонце пасля сезону перапрацоўкі буракоў. Рыхтуемся да сезону перапрацоўкі сіропу, назапашанага ў трох ёмістасцях па 40 тысяч тон. Перапрацоўку пачнём у першыя дні траўня. З яго атрымаем звыш 70 тысяч тон цукру.