BE RU EN

Папа Рымскі заклікаў усіх хрысціян разам прачытаць «Ойча наш» 25 сакавіка

  • 22.03.2020, 16:28

Папа Рымскі Францішак выступіў з ініцыятывай памаліцца за заканчэнне пандэміі каранавірусу.

Папа Рымскі Францішак заклікаў усіх хрысціян свету супольна памаліцца за заканчэнне пандэміі каранавірусу. З такой ініцыятывай кіраўнік Рымска-каталіцкай царквы выступіў у традыцыйным нядзельным звароце да вернікаў «Ангелус», які трэцім разам запар праз карантын перадаваўся онлайн і ў тэлеэфіры, піша tut.by.

«У гэтыя дні выпрабаванняў, калі ўсё чалавецтва сутыкнулася з пагрозай пандэміі, хачу прапанаваць усім хрысціянам уз'яднацца ў звароце да нябёсаў. Запрашаю ўсіх кіраўнікоў цэркваў, усіх хрысціянскіх супольнасцяў, хрысціян усіх канфесій звярнуцца да Усявышняга, памаліўшыся адначасова. Запрашаю вымавіць «Ойча наш» 25 сакавіка апоўдні», - сказаў Францішак.

Ён таксама абвясціў, што ў пятніцу, 27 сакавіка, асабіста памоліцца з балкону сабору святога Пятра. «На пандэмію віруса мы хочам адказаць пандэміяй малітвы і спагады», - дадаў пантыфік.

У Італіі з моманту пачатку пандэміі каранавірусам заразіліся больш за 53,5 тысячы чалавек, памерлі ад выкліканага інфекцыяй захворвання і яго наступстваў амаль 5 тысяч чалавек. На ўсёй тэрыторыі краіны з 10 сакавіка дзейнічае строгі карантын і забарона на перамяшчэнне насельніцтва без важкай прычыны.

Апошнія навіны