Узрост і сімптомы памерлых ад каранавірусу ў Італіі: справаздача эпідэміёлагаў
- 22.03.2020, 15:58
Экспэрты прааналізавалі 481 лятальны выпадак.
Амаль палова памерлых ад каранавірусу ў Італіі пакутавалі не менш чым на тры хранічныя захворванні, амаль усе - хоць бы на адно, палове было больш за 80 гадоў. Пра гэта кажуць звесткі дакладу італійскіх эпідэміёлагаў, піша liga.net.
На аснове аналізу звестак, даступных аб 481 смяротным выпадку з 3200 на 20 сакавіка, італійскія экспэрты ўстанавілі, што ў 48,6% памерлых былі тры хранічныя захворванні, у 26,6% - два, у 23,5% - адно.
У 73,8% была гіпертанія, у 33% - дыябет, у 30% - ішэмічная хвароба сэрца, у 22% - мігальная арытмія сэрца, у 20% - хранічная нырачная недастатковасць. У 19,5% быў дыягнаставаны рак, у 13,7% - хранічнае абструктыўнае захворванне лёгкіх, у 11,9% - дэменцыя, у 11,2% - перанесены інсульт.
Палова ўсіх пацверджаных захворванняў COVID-19 у Італіі – гэта людзі, старэйшыя за 63 гады, палова памерлых - старэйшыя за 80 (82 гады ў жанчын і 79 у мужчын).
Ва ўсіх узроставых групах, акрамя самой старэйшай (90+), сярод памерлых пераважаюць мужчыны. Найбольш вялікая розніца сярод 60-69 гадовых і 70-79-гадовых: 80% і 77% памерлых складаюць мужчыны.
5,7% памерлых паступалі ў лякарню без якіх-небудзь сімптомаў віруснай інфекцыі, яны былі шпіталізаваныя праз іншыя захворванні. Кашаль назіраўся толькі ў 40% памерлых, жар, вышэйшы за 38 градусаў - у 76%, задышка - у 73%. У 8% адзначалася дыярэя.
Паводле апошніх звестак, у Італіі каранавірус дыягнаставаны ў 53 500 чалавек, ад хваробы памерла амаль 5000, за апошнія дні - амаль 800.
Учора ўрад Італіі наважыў спыніць працу ўсіх прадпрыемстваў, акрамя крытычна важных.