BE RU EN

У Берасці больш за дзвесце чалавек выйшлі пратэставаць на плошчу

  • 22.03.2020, 14:51

Завод АКБ параўналі з каранавірусам.

22 сакавіка прыблізна апоўдні ў Берасці на плошчы Леніна чарговым разам сабраліся супраціўнікі будаўніцтва акумулятарнага завода. Іх было больш за дзвесце чалавек, паведамляюць naviny.by.

Са слоў удзельнікаў сустрэчы, яны «больш баяцца не каранавірусу, а свінцовага завода». «Каранавірус прыйшоў і сыдзе, а калі запусцяць завод, свінец будзе труціць нас і нашых дзяцей увесь час», - заявіла актывістка Людміла Карчэўская.

Супраціўнікі завода абмяркоўвалі вынесеную 17 сакавіка пастанову апеляцыйнай інстанцыі эканамічнага суда Берасцейскай вобласці, якая не задаволіла скаргу ТАА «АйПаўэр» на пастанову аб вяртанні 5,7 мільёнаў рублёў у інавацыйны фонд.

Кампанія абскардзіла вынесеную 5 лютага пастанову гэтага суду, які задаволіў пазоў аблвыканкама да ТАА «АйПаўэр» аб вяртанні грашовых сродкаў у інавацыйны фонд. Берасцейскі аблвыканкам дамагаецца спагнання з «АйПаўэра» 5 млн 725 тысяч рублёў у інавацыйны фонд, бо кампанія не пабудавала ў тэрмін акумулятарны завод. Аблвыканкам у абгрунтаванні пазову спасылаўся на інавацыйную дамову, укладзеную ў 2016 годзе з ТАА «АйПаўэр». Акрамя таго, суд адмовіў «АйПаўэру» ў задавальненні сустрэчнага пазову да аблвыканкаму аб пацверджанні факту нязначнасці інавацыйнай дамовы ад 2016 года.

Актывісты кампаніі пратэсту, якія сабраліся сёння на плошчы Леніна, перакананыя, што «АйПаўэр» падасць касацыйную скаргу ў Вярхоўны суд і да апошняга будзе адцягваць выплату грошай.

Пасля сустрэчы на плошчы, якая прадаўжалася прыкладна да 12:40, супраціўнікі будаўніцтва завода прайшлі цэнтральнымі вуліцамі Берасця - Пушкінскай і Савецкай - да кінатэатра «Беларусь».

Апошнія навіны