Па ўсёй Расеі праходзяць акцыі супраць абнулення тэрмінаў Пуціна
- 22.03.2020, 13:59
Людзі выходзяць на вуліцы ў многіх рэгіёнах краіны.
У шэрагу рэгіёнаў Расеі ў нядзелю праходзяць вулічныя акцыі супраць паправак да Канстытуцыі, адна з якіх прадугледжвае абнуленне тэрмінаў прэзідэнта Уладзіміра Пуціна.
У Краснаярску на мітынг супраць паправак прыйшло блізу двухсот гараджанаў – паведамляе "Сибирь.Реалии". Улады адмовілі ў правядзенні акцыі пратэсту ў цэнтры горада і вылучылі мясцовы гайд-парк – сквер Касманаўтаў, размешчаны на вуліцы Церашковай. Менавіта першая жанчына-касманаўтка Валянціна Церашкова ў Дзярждуме ўнесла папраўку пра "абнуленне".
Напярэдадні актывістаў выклікалі ў мэрыю і папрасілі перанесці дату мітынгу праз пандэмію каранавіруснай інфекцыі. Але лібертарыянцы мяркуюць, што "вечны Пуцін больш небяспечны за вірус".
У Новасібірску больш за 40 чалавек, нягледзячы на моцны вецер, удзельнічалі ва ўзгодненым мітынгу супраць палітычных рэпрэсій у Расеі. Актывісты запатрабавалі "абнуліць тэрміны палітвязням". "Рэпрэсія-вірус адолеў нашу ўладу" – сказаў адзін з арганізатараў.
У Калінінградзе актывісты зладзілі серыю адзіночных пікетаў супраць змены Канстытуцыі – паведамляе "Север.Реалии".
Мітынгі прайшлі таксама ў Растове-на-Доне, Чыце, Камсамольску-на-Амуры і іншых гарадах – піша "Росбалт".
У шэрагу расейскіх рэгіёнаў, у тым ліку Маскве і Пецярбургу, праз эпідэмію каранавірусу масавыя мерапрыемствы абмежаваныя або забароненыя.
Галасаванне аб папраўках да Канстытуцыі прызначанае на 22 красавіка. На тыдні грамадскія дзеячы распаўсюдзілі адкрыты ліст з заклікам да ўладаў перанесці галасаванне праз эпідэмію.