ЗША выйшлі на трэцяе месца ў свеце паводле колькасці заражаных каранавірусам
- 22.03.2020, 13:22
На першым месцы ў ЗША паводле колькасці інфекцыяваных знаходзіцца Нью-Ёрк.
ЗША выйшлі на трэцяе месца ў свеце паводле колькасці заражаных каранавірусам SARS-CoV-2, які выклікае атыповую пнеўманію COVID-19. Паводле звестак прыватнага амерыканскага Універсітэта Джона Хопкінса, на раніцу нядзелі, 22 сакавіка, у ЗША было зарэгістравана 26 747 інфекцыяваных, паведамляе dw.com.
На першым месцы ў ЗША паводле колькасці заражаных знаходзіцца Нью-Ёрк (12 315 выпадкаў), на другім – штат Вашынгтон на паўночна-заходнім узбярэжжы (1793) і на трэцім – Каліфорнія (1470 выпадкаў).
Штат Вашынгтон – на першым месцы паводле смяротнасці
Агульная колькасць смерцяў ад каранавірусу ў ЗША дасягнула 340. Больш за ўсё смяротных зыходаў у штаце Вашынгтон (94), 76 чалавек памерлі ў Нью-Ёрку і 27 – у Каліфорніі. Усяго ачунялі 176 чалавек. Выпадкі каранавірусу зарэгістраваныя ва ўсіх штатах ЗША.
Паводле колькасці інфекцыяваных SARS-CoV-2 ЗША цяпер саступаюць толькі Кітаю (81 346) і Італіі (53 578 выпадкаў). Італія апярэджвае ўвесь свет у колькасці смерцяў (4825).
У ЗША ў сувязі з эпідэміяй каранавіруснай інфекцыі з 13 сакавіка дзейнічае рэжым надзвычайнай сітуацыі. У краіну забаронены ўезд замежнікаў. Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што мае намер больш шырока ўжываць закон, які дазваляе высылаць з краіны замежнікаў, якія незаконна перасеклі паўднёвую мяжу ЗША.