Медсястра з Мілана: Мы больш не лічым мёртвых
- 22.03.2020, 12:04
Медсупрацоўніца апублікавала відэа пра сітуацыю ў італьянскіх лякарнях.
Медсястра з Мілана, якая лечыць цяжка хворых на каранавірус COVID-19, расказала пра сітуацыю з лякарнямі і медсупрацоўнікамі ў рэгіёне.
Відэазварот медсястры Даніэлы апублікаваў «Цяперашні час».
Жанчына расказала пра становішча, у якім знаходзяцца медыцынскія супрацоўнікі ў Ламбардыі і Мілане. Яна працуе ў лякарні, якая прызначаная для прыёму цяжкіх хворых з COVID-19.
«Мы працуем ва ўмовах татальнай надзвычайнай сітуацыі. Праблема ў тым, што многія з супрацоўнікаў лякарні знаходзяцца дома, паколькі іх тэсты на COVID даюць пазітыўны вынік. Так што нас тут застаюцца адзінкі, каб займацца ўсім», – расказвае медсястра.
І дадае, што яны поўныя адвагі, каб «сутыкацца з рэальнасцю таго, што адбываецца».
Паводле словаў медычкі, у Мілане праз некалькі дзён заканчваецца будаўніцтва лякарні San Raffaele, грошы на якую сабралі пры дапамозе ахвяраванняў. Лякарня зможа прымаць пацыентаў у інтэнсіўнай тэрапіі з правінцый Бергама і Брэшыя, у якіх «сітуацыя асабліва выйшла з-пад кантролю».
«Мы прадаўжаем прымаць цяжкіх пацыентаў з іншых лякарняў гэтай правінцыі. Мы працуем у стане моцнага стрэсу і напругі. Псіхалагічная напружанасць зашкальвае. На жаль, мы не можам стрымаць сітуацыю ў Ламбардыі. Там высокі ўзровень заражэння, і мы ўжо больш не лічым мёртвых», – падагульніла медсупрацоўніца.
Нагадаем, што ў Італіі прадаўжае расці колькасць смерцяў ад каранавірусу. За апошні дзень, 21 сакавіка, у краіне ад Covid-19 памерлі 793 чалавекі, і гэта рэкордная колькасць.
На гэты момант у Італіі 52 578 заражаных COVID-19. 4 825 людзей памерлі, 6 072 ачунялі.