«Вседомой»: расейская газета часова змяніла назву праз каранавірус
- 21.03.2020, 15:16
Выданне заклікае расейцаў выконваць карантын і звесці да мінімуму сацыяльныя кантакты.
Расейская газета «Ведомости» 20 сакавіка выйшла з абноўленым лагатыпам і назвай «Вседомой». Так выданне хоча прыцягнуць увагу чытачоў да праблемы распаўсюду каранавірусу ў Расеі і свеце.
Газета рэкамендуе звесці да мінімуму сацыяльныя кантакты і ў мэтах прафілактыкі заставацца дома. «Менавіта так мы зрабілі ў рэдакцыі «Ведомостей» і заклікаем вас рушыць услед нашаму прыкладу, а таксама прыкладу многіх буйных кампаній», - гаворыцца ў заяве выдання.
«Спыніць распаўсюд заразы мы можам толькі разам, калі будзем выконваць неабходныя ў такіх выпадках захады засцярогі», - мяркуюць у рэдакцыі «Ведомостей». Выданне нагадвае пра неабходнасць захавання правілаў гігіены і раіць пазбягаць вялікай колькасці людзей.
Колькасць выпадкаў захворвання на каранавірус у Расеі, паводле апошніх звестак, ужо перавышае 200. Напярэдадні колькасць заражаных вырасла за дзень на 52 і складала 199, а раніцай 20 сакавіка аб першых выпадках захворвання заявілі ўлады Хабараўскага краю і Якуціі.