Нью-Ёрк стаў эпіцэнтрам каранавірусу ў ЗША
- 21.03.2020, 14:21
Узлёт захворвання чакаюць праз 45 дзён.
У Нью-Ёрку цяпер налічваецца амаль траціна ўсіх выпадкаў заражэння каранавірусам у ЗША. Пра гэта паведамляе CNBC.
20 сакавіка мэр Нью-Ёрка Біл дэ Блазі заявіў, што ў горадзе налічваецца амаль траціна ўсіх выпадкаў каранавіруса ў ЗША. Тут выяўленае заражэнне ў 5151 чалавека, з іх загінулі 29.
«Мы цяпер эпіцэнтр гэтага крызісу», - сказаў мэр.
З ягоных слоў, калі колькасць новых выпадкаў прадоўжыць павялічвацца з такой жа хуткасцю, праз два-тры тыдні ў медыкаў з'явіцца недахоп неабходных сродкаў.
Мэр заклікаў гараджан выходзіць на вуліцу толькі ў выпадку крайняй неабходнасці і трымацца на адлегласці ад іншых мінакоў.
А тым часам губернатар штата Нью-Ёрк Эндру Куома заявіў, што чакае піка захворвання, да 110 тысяч новых выпадкаў, праз 45 дзён. Пры гэтым у лякарнях штата толькі 53 тысячы ложкаў.
Усяго ў ЗША Covid-19 выявілі ў больш чым 19 тысяч чалавек. 250 з іх загінулі, а 147 ачунялі.